Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
кантрольная работа №1.doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
137.73 Кб
Скачать

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

«БЕЛАРУСКІ ДЖЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ»

Інстытут інфармацыйных тэхналогій

Факультет: НіДО

Спецыяльнасць: ПОІТ

КАНТРОЛЬНАЯ РАБОТА

Дысцыпліна:

«ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА САВЕЦКАГА НАРОДА

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)»

Тэма 15. Вынікі і ўрокі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн.

Студэнт_1_ курса:

Групы №

Заліковая кніжка №

Email:

Мінск, 2012

План

  1. Уводзіны …………………………………………………………………

  2. Бессмяротны подзвіг і гістарычны ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам……………………………………………………………

  3. Крыніцы перамогі………………………………………………………..

  4. Вынікі і ўрокі Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны…

  5. Заключэнне……………………………………………………………….

Уводзіны

Годы ваеннага ліхалецця, жорсткая, страшная і гераічная барацьба з германскім фашызмам адыходзяць усё далей, у глыб гісторыі. Але іх значнасць, як для нашай краiны так і для ўсяго свету, павінна застацца ў памяці людзей назаўсёды, бо дваццаць першае стагоддзе не прынесла чалавецтву збаўлення ад войнаў, а, на жаль, наадварот.

Вядомае выслоўе гаворыць: «Хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на яго паўтор». Ці можа беларускі народ не захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну? Не, не можа.

Дзве даты назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю нашай дзяржавы - 22 чэрвеня 1941года і 9 мая 1945 года. Іх раз’ядноўвае 1418 дзён і начэй, абпаленых разлютаваным полымем бязлітаснай, разбуральнай і кровапралітнай вайны. А аб’ядноўвае гераічная барацьба народаў былога Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі. Чатыры доўгія гады вайны - гэта небывалая дагэтуль бітва паміж дабром і злом, бяспрыкладная барацьба за свабоду i незалежнасць нашай краiны, за лёс усяго свету.

У Другую сусветную вайну было ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва зямнога шара... Жудасна нават уявіць сабе, якім бы стала жыццё на нашай планеце, калі б фашысцкім агрэсарам не перагарадзілі шлях народы Савецкага Саюза і іншых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.

Разгром фашысцкай Германіі, а затым мілітарысцкай Японіі ў Другой сусветнай вайне 1939–1945 гг. мае сусветна-гістарычнае значэнне. Вялікая перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна аказала велізарнае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што аб’ектыўна з’явілася гістарычным прысудам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці аб’яднання самых розных палітычных, сацыяльных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.

Бессмяротны подзвіг і гістарычны ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам.

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 г. Фашысцкія войскі імкліва захоплівалі тэрыторыю Польшчы. Паўстала пагроза зняволення Заходняй Беларусі, якая трапіла пад уладу Польшчы па Рыжскаму дагавору 1921 г. (4 млн. жыхароў). 17 верасня 1939 г. па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі. Яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі ў шэрагу гарадоў і паветаў Заходняй Беларусі людзі раззбройвалі паліцыю і асаднікаў, стваралі рэвалюцыйныя камітэты. Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь. Нямецкім войскам давялося адысці на ўзгодненую на вышэйшым узроўні мяжу, якая і была замацавана адпаведным дагаворам ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй. 28 - 30 кастрычніка 1939 г. Народны сход Заходняй Беларусі прыняў Дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй вызваленай тэрыторыі і выказаўся за ўваходжанне ў склад БССР. Так беларусы былі ўцягнуты ў Другую сусветную вайну літаральна з верасня 1939 года.

Састаўной і рашаючай часткай Другой сусветнай вайны была Вялікая Айчынная вайна. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік была падвергнута ўдарам ворага. Летнім ранкам 22 чэрвеня 1941 года, менавіта беларуская зямля прыняла на сябе жорсткі масіраваны ўдар дзясяткаў тысяч тон варожых авіябомб і артылерыйскіх снарадаў, якія расчышчалі дарогу бранетанкавым дывізіям групы войскаў «Цэнтр» – самай магутнай з трох вайсковых груповак фашыстаў на Усходнім фронце. Масавым бамбардзіроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Брэст, Гродна, Баранавічы і іншыя.

І з першага дня Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў Беларусі, ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці акупанты сустрэлі наймацнейшы адпор. У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, савецкія пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае, самаахвярнае супраціўленне. Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці. Узначальвалі яго маёр П.М. Гаўрылаў і палкавы камісар Я.М. Фамін. Абаронцы крэпасці не здаваліся, пастаянна контратакавалі праціўніка, наносілі яму страты.

Свет ведае аб стойкасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія без ежы, вады, медыкаментаў, з мінімумам баепрыпасаў, параненыя працягвалі аказваць фашыстам адчаяннае супраціўленне і тады, калі крэпасць засталася глыбока ў тыле ворага. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 г.

Нават праціўнік напоўніўся павагай да стойкасці і мужнасці савецкіх салдат і афіцэраў. Ва ўспамінах нямецкага гісторыка Паўля Карэля, які быў афіцэрам у штабе Блюментрыта, падзеі абароны Брэсцкай крэпасці пададзены празмерна натуралістычна: «Увесь фронт над Бугам, наколькі можна было ахапіць вокам, палаў і скаланаўся ад выбухаў. Усё знішчаецца артналётам і бамбардзіроўкай. Кананада падняла на ногі гарнізон Брэсцкай крэпасці. Батальёны двух палкоў нашай дывізіі рынуліся ў атаку, але ўварвацца ўнутр крэпасці не змаглі — абаронцы яе стаялі насмерць; агонь стралкоў і кулямётчыкаў не даваў падняцца. У другой палове дня на дапамогу штурмавікам кінулі рэзервовы полк дывізіі. Марна! Потым на падмогу быў кінуты дывізіён штурмавых гармат. «Самаходкі» ва ўпор расстрэльвалі пазіцыі рускіх. Безвынікова! К вечару страты склалі 21 афіцэр і 230 унтэр-афіцэраў і салдат. Не дабіўшыся поспеху, штурмавыя роты былі адведзены на зыходныя пазіцыі. Толькі пасля гэтага прымянілі авіяцыю і артылерыю. Крэпасць стаяла! 29 чэрвеня фельдмаршал авіяцыі Кесельрынг загадаў бамбіць і бамбіць. Але бомбы ў 500 кілаграмаў не дапамаглі. Сталі кідаць вагой у 1800 кілаграмаў. Сцены абрушваліся, цэгла плавілася, але абаронцы стаялі. Ніводзін не здаўся ў палон! 30 чэрвеня. Нашы страты: 40 афіцэраў і 482 унтэр-афіцэры і салдаты, больш як тысяча параненых, шмат з якіх неўзабаве памерлі. Барацьба працягвалася, пазіцыі рускіх, будынкі казарм давялося крок за крокам падрываць па частках. А яшчэ напярэдадні нападу нікому ў галаву не магло прыйсці, колькі нашай крыві пральецца тут, ля старой крэпасці». * Пауль Карэль “Усходні фронт” .

Знаходзячыся ў поўнай блакадзе, пры недахопе боепрыпасаў, харчу, вады і медыкаментаў, акружаныя пераўзыходзячымі сіламі ворага, упэўненага ў непераможнасці германскага вермахта, які забяспечыў «еўрапейскі бліцкрыг», абаронцы Брэсцкай крэпасці, не задумваючыся, зрабілі выбар, што выявіўся ў выкананні свайго воінскага абавязку, у беззаветнай адданасці Радзіме. Гераічнае, самаадданае супраціўленне падраздзяленняў 6-й і 42-й стралковых дывізій, 17-га пагранатрада і 132-га канвойнага батальёна войскаў НКУС было зламана толькі пасля смерці ўсіх байцоў, якія да апошняга патрона аказвалі супраціўленне.

Каля Гродна, застава колькасцю ў некалькі дзясяткаў чалавек на чале з лейтэнантам Вусавым на працягу 10 гадзін адбівала атакі батальёна гітлераўцаў. У жывых не засталося ні аднаго байца.

Той жа страшэннай раніцай, 22 чэрвеня, беларус лейтэнант П.Рабцаў ажыццявіў першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны таран варожага самалёта над Брэстам, а старэйшы палітрук А.Данілаў – у раёне горада Гродна. Нягледзячы на велізарныя – да трох чвэрцяў – страты ў авіяцыі, пабітай яшчэ на аэрадромах, лётчыкі паднімалі ўцалелыя самалёты ў паветра і практычна без падтрымкі атакавалі ворага. У першы дзень вайны над Беларуссю было збіта больш ста нямецкіх самалётаў. Шырока вядомы подзвіг капітана Мікалая Гастэлы і яго экіпажа, накіраваўшага 26 чэрвеня 1941 года, недалёка ад горада Радашковічы, свой падпалены самалёт на варожую калону танкаў і аўтацыстэрн.

Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Так было на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Магілёў стрымліваў націск танкавай групы Гудэрыяна на дняпроўскіх рубяжах 23 дні – даўжэй, чым некаторыя еўрапейскія дзяржавы. Больш месяца мужна стаяў Гомель. Гераічныя баi ішлі за Мінск і іншыя беларускія гарады і паселкі. (Для параўнання - толькі 16 дзён супраціўляўся народ Польшчы, за 42 дні была акупіравана Францыя).

Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, за тыдзень фашысты прайшлі на ўсход на 400 км. 28 чэрвеня занялі Мінск, да канца жніўня акупіравалі ўсю Беларусь.

На захад ад сталіцы ў гіганцкім “мяху” апынуліся асноўныя сілы Беларускай ваеннай акругі. Звыш 300 тысяч вайскоўцаў трапіла ў палон, каля 400 тысяч загінула. Немцы захапілі больш за 60 велізарных вайсковых складоў.

Пакінем у баку пытанне аб тым, чаму Чырвоная Армія, нягледзячы на велізарную падрыхтоўку Савецкага Саюза да вайны, у першыя дні пацярпела катастрофу. Факт, што Беларусь надоўга апынулася пад нацысцкай акупацыяй.

На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ, разам з усімі народамі адзінай краіны – Савецкага Саюза – уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Вялікая Айчынная Вайна была ўсенароднай. Ужо ў першыя 8 дзён у Савецкія Узброеныя сілы ўлілося больш за 5 млн. чалавек. З іх толькі за ліпень - жнівень 1941 г. - паўмільёна мужчын Беларусі, здольных насіць зброю, а ўсяго на франтах Вялікай Айчыннай вайны ваявалі 1млн 300тыс. беларусаў і выхадцаў рэспублікі. Яны ўдзельнічалі ў бітвах пад Брэстам, Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе, у вызваленні Каўказа, Украіны, Прыбалтыйскіх рэспублік, а таксама ў вызваленні ад фашызму народаў Еўропы і Азіі. У складзе ваенна-паветраных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бранятанкавых і механізаваных часцях -2490 афіцэраў з Беларусі. Як і ўсе народы СССР яны мужна змагаліся на ўсіх франтах, ва ўсіх родах войск, удзельнічалі ва ўсіх буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай і Другой Сусветнай вайнаў. Бессмяротнай славай пакрылі сябе не толькі абаронцы Брэсцкай крэпасці, Магілёва, Гомеля. Сярод абаронцаў Ленінграда вызначыўся снайпер Ф. Смалячкоў. У бітве пад Масквой праславіліся камандзір гвардзейскай дывізіі А. Люзікаў і камандзір кавалерыйскага корпуса генерал Л. Даватар. Здзейсніў першы начны паветраны таран лётчык А. Катрыч. З. Тусналобава вынесла з поля бою 128 цяжкапараненых байцоў і сама засталася інвалідам.

За самаадданую абарону Сталінграда званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена нашым землякам – лётчыку І. Сяржантаву, радыстцы В. Стэмпкоўскай, мінамётчыку Н. Жолудзеву, камандзіру дывізіі А. Пастрэвічу і інш. Неўміручы подзвіг на Курскай дузе здзейсніў лётчык-знішчальнік

А. Гаравец, які ў адным баі цаной уласнага жыцця збіў 9 варожых бамбардзіроўшчыкаў. Сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у фарсіраванні Дняпра. Асобныя з іх – кулямётчык Дз. Жмуроўскі, связісты М. Піліпенка

І. Карасёў і інш. заслужылі званне Героя Савецкага Саюза. Бессмяротнай славай пакрыў сябе радавы Ю. Смірноў пад час вызвалення Беларусі, які трапіў у палон, але не выдаў планаў камандавання і загінуў. Вядомы імёны 14 беларусаў, якія паўтарылі подзвіг А. Матросава, грудзьмі закрылі амбразуры варожых агнявых кропак. Пры штурме Берліна праславіліся камандзір палка А. Жук, камандзір роты Дз. Пенязькоў, танкіст А. Філімонаў, лётчык П. Галавачоў. Сімвалічным з’яўляецца факт, што ў ліку тых, хто ўсталяваў сцяг Перамогі над рэйхстагам, быў былы партызан М. Ягораў. З 11 693 воінаў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 466 былі беларусамі або выхадцамі з Беларусі. Чацвярым з іх – лётчыку П. Галавачову і танкістам І. Гусакоўскаму, С. Шутаву, І. Якубоўскаму – гэта званне было прысвоена двойчы. 67 нашых суайчыннікаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Ратны ўклад 400 тыс. воінаў-беларусаў быў ацэнены баявымі ордэнамі і медалямі.

Добра вядомы масавы партызанскі і падпольны рух на Беларусі.

Партызанскія атрады і групы ствараліся на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, з камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле ворага. Партызанскі рух быў усенародным, дзейнічалі 1255 партызанскіх атрадаў, 213 брыгад, больш 370 тысяч чалавек. Кіраўніцтва ажыццяўляў Беларускі штаб партызанскага руху. У маі 1942 г. ЦК КП(б)Б зацвердзіў тэкст "Партызанскай прысягі". У савецкім тыле дзейнічала спецыяльная школа ("Асобы беларускі збор") для падрыхтоўкі партызан і падпольшчыкаў. Партызаны трымалі акупантаў у страху і напружанасці, разладжвалі тыл гітлераўскай арміі, знішчалі варожыя гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, выдавалі і распаўсюджвалі падпольныя газеты і лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. Грандыёзнымі і эфектыўнымі былі тры этапы рэйкавай вайны партызан: першы - з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г.; другі - у другой палове верасня -кастрычніку 1943 г.; трэці - напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі. Масавы падрыў чыгунак садзейнічаў дэзарганізацыі перавозак жывой сілы, баявой тэхнікі і боепрыпасаў для гітлераўскай арміі. Партызаны ўстанавілі кантроль за рухам чыгуначнага транспарту не толькі на магістралях Брэст - Гомель, Мінск – Орша, але і іншых, а таксама на многіх шасейных і амаль на ўсіх грунтавых дарогах. Пад час баёў за Беларусь увосень 1943 года партызаны правялі буйнамаштабную дыверсійную аперацыю пад назвай «Канцэрт». У яе выніку прапускная здольнасць беларускіх чыгунак скарацілася амаль удвая, што вылілася ў крызіс матэрыяльнага забеспячэння нямецкага войска і вораг павінен быў перакінуць рэзервовыя часці вайскоўцаў на Усходні фронт. У канцы 1943 г. партызаны кантралявалі ўжо каля 58 % тэрыторыі рэспублікі. Існавала болыш за 20 партызанскіх зон. У іх аднаўляліся органы савецкай улады, якія вырашалі шматлікія гаспадарчыя пытанні, аднаўлялі працу школ, аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву і інш. Улетку 1944 года магутны ўдар па фашыстах быў нанесены партызанамі на ўсёй тэрыторыі акупаванай Беларусі. Рух цягнікоў, якія адыходзілі на захад, па асноўных кірунках былў паралізаваны, эвакуацыя фашыстаў сарваная. Усяго ў гады вайны партызаны пусцілі пад адхон звыш 11 тысяч варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай.

Нараўне з партызанамі больш за 70 тысяч беларускіх падпольшчыкаў-антыфашыстаў у гарадах і пасёлках не давалі ворагу забыць аб тым, што ён знаходзіцца на чужой зямлі . Яны ўладкоўвалі сабатаж на прамысловых прадпрыемствах, забівалі немцаў, хавалі ў сваіх хатах параненых салдат і афіцэраў. Ім абавязаны сваімі жыццямі дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку 10 тысяч смяротнікаў – вязняў мінскага гета, якіх падпольшчыкі змаглі вывесці за тэрыторыю горада да партызанаў. Мінскае падполле налічвала больш за 9 тысяч чалавек. За перыяд акупацыі ім было праведзена каля паўтары тысяч дыверсій, з якіх самай вядомай стала аперацыя па ліквідацыі аднаго з паплечнікаў Гітлера, які праводзіў чалавеканенавісніцкую палітыку нацызму, гаўляйтара Вільгельма Кубэ.

У Віцебску ў 1941-1942 гадах налічвалася звыш пяці дзясяткаў падпольных аб'яднанняў. Антыфашысты білі ворага ў беларускіх гарадах – Барысаве, Жлобіне, Мазыры, Калінкавічах і іншых. Далёка за межы Беларусі выйшла слава аб групе пад кіраўніцтвам К. Заслонова, якая дзейнічала на найбуйнейшым беларускім чыгуначным вузле Орша. Формы і метады барацьбы з ворагам былі самыя розныя: знішчэнне афіцэраў і салдат, дыверсіі, рэйкавая вайна, парушэнне сродкаў сувязі, узрыў мастоў, дарог, выданне падпольных газет, лістовак, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро.

З чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. патрыёты Беларусі нанеслі вялікія страты акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Было знішчана амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх, пушчаны пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4 710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1 355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў.

Рух супраціўлення на акупіраванай тэрыторыі падтрымліваўся большасцю насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі вяло барацьбу супраць ваенных, эканамічных і палітычных мерапрыемстваў акупантаў. Мірныя жыхары забяспечвалі партызан і падпольшчыкаў харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы, выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях супраць ворагаў. Вялікая колькасць партызан, падполшччыкаў, дапрызыўнай моладзі ўліліся затым у рады Чырвонай Арміі.

Бясцэнны ўклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі. У гады акупацыі Беларусь па праву называлі “Рэспублікай-партызанкай”. Гераічная барацьба народа падрывала моц фашысцкай арміі, умацоўвала веру насельніцтва ў перамогу, набліжала яе.

Асаблівай старонкай гісторыі Другой сусветнай вайны з'яўляецца ўдзел нашых суайчыннікаў у антыфашысцкай барацьбе ў складзе армій заходніх саюзнікаў, .якая разгарнулася ў Еўропе. У адпаведнасці з ваенным пагадненнем ад 14 жніўня 1941 г. паміж СССР і Польшчай прадугледжвалася стварэнне на тэрыторыі СССР Польскай арміі. Камандуючым арміі польскі эмігранцкі ўрад прызначыў генерала У. Андэрса. У сакавіку 1942 г. польская армія ў СССР налічвала звыш 75 тыс. салдат і афіцэраў, з якіх каля 10% былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. У складзе польскай арміі ў 1943- 1944 гг. пад камандаваннем генерала З. Берлінга колькасць нашых суайчыннікаў была амаль такой самай.

Нямала беларусаў у ліку савецкіх грамадзян удзельнічала ў руху Супраціўлення ў заходніх краінах Еўропы. Агульная колькасць савецкіх партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, складала 12 тыс. чалавек, Чэхаславакіі – больш за 17 тыс. чалавек. У іх складзе безумоўна былі і беларусы. Змагары Супраціўлення наносілі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах, зганялі фашысцкіх акупантаў з населеных пунктаў, а ў некаторых краінах (Югаславія, Грэцыя, Албанія, Францыя) узброеныя фарміраванні антыфашыстаў вызвалілі ўсю тэрыторыю альбо большую яе частку.

У гады вайны дзясяткі тысяч нашых землякоў апынуліся ў нямецкім палоне ці былі вывезены ў акупіраваныя германскімі войскамі краіны Еўропы. Многія з іх збеглі з палону і працягвалі барацьбу супраць фашызму ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Яны змагаліся ў антыфашысцкіх атрадах Італіі, Францыі, Югаславіі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. Дзясяткі ўраджэнцаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі гэтых краін. Рух еўрапейскага Супраціўлення, які па свайму характару і мэтах быў антыфашысцкім, агульнадэмакратычным, меў не малаважнае гістарычнае значэнне.

Значны ўклад у забеспячэнне Вялікай Перамогі над ворагам унёс савецкі тыл, у тым ліку эвакуіраваныя з Беларусі на ўсход краіны прадпрыемствы і ўстановы. Усяго на ўсход краіны было вывезена абсталяванне 224 буйных прадпрыемстваў. Адначасова з велізарнымі ваеннымі цяжкасцямі адбывалася эвакуацыя ў глыбокі савецкі тыл мірнага насельніцтва Усяго ва ўсходніх раёнах СССР працавала прыкладна 1,5 млн эвакуіраваных жыхароў Беларусі. Да вясны 1942 года ўсе перабазіраваныя на ўсход прадпрыемствы Беларусі ўвайшлі ў строй і пачалі выпускаць прадукцыю для фронту.

Ужо ў канцы 1942 г. суадносіны па асноўных відах ваеннай тэхнікі на савецка-германскім фронце змяніліся на карысць Чырвонай Арміі, а з лета 1943 г. яны працягвалі няўхільна павялічвацца. Дзякуючы намаганням працаўнікоў тылу, Савецкія Узброеныя Сілы атрымалі за гады вайны больш за 10 млн. тон боепрыпасаў, 16 млн. тон паліва, 40 млн. тон харчавання і фуражу, а таксама вялікую колькасць іншых матэрыяльных сродкаў.

Па сярэднегадавому выпуску гармат для палявой артылерыі СССР пераўзыходзіў Германію больш чым у 2 разы, супрацьтанкавых гармат – у 2,6, мінамётаў – у 5 разоў.

Каля 2 млн. чал. удзельнічалі ў будаўніцтве абарончых умацаванняў.

Увесь цяжар земляробчай працы ў час вайны вынеслі на сваіх плячах жанчыны, а таксама старыя і падлеткі. Працаўнікі беларускіх калгасаў і саўгасаў забяспечвалі армію харчаваннем і фуражом.

Адзінства фронту і тылу, працоўны гераізм жыхароў горада і вёскі былі магутным фундаментам Вялікай Перамогі.

Значны ўклад у Вялікую Перамогу ўнеслі інтэлігенцыя, работнікі народнай адукацыі і навукі, культуры, літаратуры і мастацтва Беларусі. Цесную сувязь з савецкай арміяй, народам прадэманстравалі работнікі мастацтва. З першых дзён вайны былі створаны творчыя (франтавыя) брыгады Беларускага тэатра оперы і балета. Калектывы ўсіх беларускіх тэатраў давалі шэфскія канцэрты і спецыяльныя пастаноўкі для стварэння фонду абароны. Інтарэсы фронту займалі галоўнае месца і ў творчасці беларускіх кампазітараў і мастакоў. Сярод іх Я. Цікоцкі, М. Аладаў, З. Азгур і інш. Беларускія кінааператары на базе Маскоўскай студыі-хронікі штомесячна выпускалі кіначасопіс “Савецкая Беларусь”. Пры Усесаюзным радыёкамітэце была створана беларуская рэдакцыя радыёвяшчання, якая штодзённа выпускала радыёперадачы. Не спынялі работы беларускі друк, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

Работнікі народнай адукацыі, навукі, культуры, літаратуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі ў гады вайны працавалі для народа, выхоўвалі пачуццё патрыятызму, мужнасці, нянавісці да захопнікаў, натхнялі на непрымірымую барацьбу з ворагам.

Вялікая Айчынная вайна была таксама і ідэалагічнай вайной, вайной супраць нацысцкай антычалавечай ідэалогіі. Менавіта ў ваенныя гады ідэалогія змагла паказаць сваю жыццяздольнасць і пашырыць уплыў сярод савецкага народа. Моцнымі ідэалагічнымі рычагамі былі кіно, друк, радыё, наглядная агітацыя. Нездарма ў самыя цяжкія дні для СССР, у лістападзе 1941 г., быў праведзены ваенны парад на Краснай плошчы. Галоўная яго мэта – разысціся ў выглядзе шматтысячных копій дакументальных стужак па Савецкаму Саюзу і падняць баявы дух у арміі і тыле. Кінапракат выканаў сваю задачу на выдатна.

Толькі праз тры гады пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у ходзе ажыццяўлення вайсковай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызаленне Беларусі. 23 верасня 1943 г. войскамі Цэнтральнага фронту быў вызвалены першы беларускі раённы горад Камарын, Гомельскай вобласці. 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск, а 28 ліпеня – Брэст. Нацысцкая акупацыя Беларусі скончылася. Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта пакінулі Беларусь, выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы.

Яшчэ дзевяць месяцаў пасля вызвалення Беларусі працягвалася вайна супраць фашысцкай Германіі. Беларускі народ увесь гэты час аказваў усялякую дапамогу Чырвонай Арміі і адначасова адраджаў жыццё на амаль цалкам спапялёнай, разбуранай зямлі Беларусі.

Пасля вызвалення рэспублікі 147 тыс. партызан уліліся ў шэрагі Чырвонай Арміі, а ўсяго ў ходзе і пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў Чырвоную Армію было мабілізавана 755 тыс. яе жыхароў. Усё насельніцтва вызваленай Беларусі ўключылася ў самаадданую працу пад дэвізам “Усё для фронта, усё для перамогі!”. Чырвонай Арміі аказвалася дапамога ў рабоце палявых шпіталяў, рамонце баявой тэхнікі, падвозе боепрыпасаў і інш. Важнае значэнне надавалася ўзнаўленню чыгунак, забеспячэнню рэгулярнай і своечасовай дастаўкі грузаў на фронт. Да лютага 1945 г. на Беларусі было ўзноўлена больш за 10 тыс. км чыгуначных дарог. У 1944 г. узровень прамысловай вытворчасці рэспублікі быў у 10 разоў ніжэйшы, чым у 1940 г., а да лета 1945 г. ужо дзейнічала звыш 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, майстэрань і арцеляў, ці 25 % іх даваеннай колькасці. Пасля вызвалення Беларусі Чырвоная армія з неаслабнай сілай граміла нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выконваючы вызваленчую місію, дапамагала народам Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і іншым вызваліцца ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Уклад беларускага народа ў справу разгрому фашызма, у Вялікую Перамогу быў не меншы, чым Францыі ці Польшчы, і атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.